Касцёл Маці Божай Анёльскай і кляштар францысканцаў

Касцёл Маці Божай Анёльскай і кляштар францысканцаў — помнік архітэктуры барока другой паловы 17 - сярэдзіны 18 ст. Заснаваны ў 1635 г. па фундацыі віленскага кашталяна і віцебскага ваяводы Яўстафія Курча і яго жонкі Сузанны з Тышкевічаў на маляўнічым левым узбярэжжы Нёмана.

Першапачаткова ў 1639-1641 гг. былі збудаваны драўляныя касцёл і кляштар, якія згарэлі ў 1659 г. У хуткім часе францысканцы адбудоўваюць новыя каменныя кляштар і касцёл, асвечаны ў гонар Маці Божай Анёльскай у 1744 г. У 1759 г. пасля чарговага пажару касцёл быў грунтоўна перабудаваны.

Кляштарны комплекс уключае касцёл, вежу-званіцу, кляштар і браму з агароджай. Касцёл і кляштар утвараюць замкнёны ўнутраны дворык у выглядзе няправільнага чатырохвугольніка. Складаны рэльеф вызначыў асіметрычную кампазіцыю комплексу.

Касцёл уяўляе сабой трохнефавую базіліку, агульны двухсхільны чарапічны дах накрывае галоўны, закруглены ў апсіду неф; яго ўзмацняюць нізкія бакавыя нефы. 3 боку франтальнага фасада прыбудавана магутная вежа-званіца. Галоўны фасад, які інтэрпрэтуе рымскі езуіцкі касцёл Іль Джэзу, уяўляе сабой трох'ярусную плоскасць з трохвугольным франтонам у завяршэнні і плаўнымі схіламі прамежкавага яруса. У пластычнай распрацоўцы фасада адчуваецца дысананс — вязкі магутных і шырокіх пілястраў ніжняга яруса 17 ст. і вытанчаныя падоўжныя плоскасці верхніх ярусаў шчыльна запоўнены дэкаратыўным аздабленнем 18 ст. Познабарочную пластыку набыла і трох'ярусная з фігурным купалам званіца, формы якой пазбаўлены прамых вуглоў - усё скруглена, плаўна абмалявана, расчлянёна пілястрамі, карнізамі, арачнымі аконнымі праёмамі і круглымі люкарнамі. Інтэр'ер касцёла вылучаецца багаццем архітэктурнай пластыкі, мастацка-дэкаратыўным строем (разьба па дрэву, лепка, скульптура). Галоўная святыня храма – цудатворны абраз Святой Панны Марыі Анёльскай 17 ст. Жылы корпус кляштара далучаны да касцёла з паўднёвага боку. Двухпавярховы будынак асіметрычнай П-падобнай планіроўкі, што ўтварае замкнёны ўнутраны дворык, у які выходзіць абхадная па келлях скляпеністая галерэя, злучаная з паўночнай часткай храма.

Францысканскаму касцёлу належылі немалыя зямельныя ўладанні. У 1748 г. пры кляштары было заснавана таварыства Св. Антонія. Кляштар меў уласную бібліятэку і займаўся выдавецкай дзейнасцю. У пачатку 19 ст. філіямі францысканскага касцёла былі капліцы ў Аўгустове і на Занёманскіх могілках. Ля касцёла функцыянаваў драўляны прытулак для бяздомных. У 1832 г. кляштар быў скасаваны, касцёл застаўся як парафіяльны. Пасля паўстання 1863-1864 гг. і да 1919 г. кляштар выконваў ролю турмы для польскіх ксяндзоў і манахаў.

З касцёлам звязаны імёны вядомага рэлігійнага дзеяча Св. Максіміліяна Кольбе, які ў 1920-я гг. працаваў пры парафіі і загінуў у 1941 г. у фашысцкім канцлагеры, а таксама святара касцёла айца Мельхіёра Фардона, які аднавіў францысканскі ордэн у Гродна. У 1920-я гг. пад кіраўніцтвам Юзэфа Ядкоўскага ў касцёле была праведзена навуковая інвентарызацыя і касметычная рэстаўрацыя. У 1934-1935 гг. адбыўся грунтоўны рамонт. У савецкі час да кляштара быў дабудаваны корпус шпіталя. У 1988-1989 гг. пробашчам парафіі з'яўляўся ксёндз Тадэвуш Кандрусевіч, першы архібіскуп Беларусі. Гродзенскі францысканскі касцёл – помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння. Ён актыўна дзейнічае і з’яўляецца адным з месцаў, звязаных з культам Св. Максімільяна Кольбэ.

Адрас: г.Гродна, вул. Агародная, 2.

Час працы: 8.00 – 20.00

Бібліяграфія:

Агародная № 2 // Біяграфія гарадзенскіх вуліц: ад Фартоў да Каложы / аўт.: А. Вашкевіч [і інш.]. – Гародня : Wroclaw, 2012. – С. 5–7.

Аляксееў, Л. В. Францысканскі кляштар і касцёл / Л. В. Аляксееў // Аляксееў, Л. В. Гродна і помнікі Панямоння / Л. В. Аляксееў. – Мінск, 1996. – С. 57–58.

Ансамбль былога кляштара францысканцаў // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск, 2009. – C. 329–330.

Гродненский костёл Матери Божьей Ангельской и монастырь францисканцев // Туристские регионы Беларуси / под ред. И. И.Пирожника. – Минск, 2008. – С. 291.

Кляштар францысканцаў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / АН БССР, Iн-т мастацтвазнаўства, этнаграфii i фальклору, БелСЭ. – Мінск, 1986. – С. 64–66.

Кулагін, А. М. Касцёл Маці Божай Анёльскай і кляштар францысканцаў у г.Гродна / А. М. Кулагін // Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фатограф А. Л. Дыбоўскі. – Мінск, 2008. – С. 106–107.

Макарчык, Ю. Кансэкрацыя – аддаць святыню Богу ва ўласнасць / Юзаф Макарчык // Слова Жыцця (Гродна). – 2003. – 19 кастр. – C. 10.

Михайлик, Л. Костел отцов францисканцев / Л. Михайлик // Milosierdzie = Милосердие. – 1996. – № 2. – С. 29–32.

Пазднякоў, В. Гарадзенскі кляштар францысканцаў / Валерый Пазднякоў // Вялікае княства Літоўскае : энцыкл. – Мінск, 2005. – Т. 1. – С. 503.

Саяпин, В. Ю. Костел Матери Божьей Ангелов (Францисканский костел) / Виктор Саяпин // Саяпин, В. Ю. Гродненские костелы : послевоенная история / Виктор Саяпин. – Гродно, 2012. – С. 103–117.

Семенчук, А. А. Францисканский монастырь / Альбина Александровна Семенчук, Александр Петрович Гостев // Семенчук, А. А. Королевский город Гродно / Альбина Александровна Семенчук, Александр Петрович Гостев. – Минск, 2008. – С. 37.

Трусаў, І. Францысканскі касцёл і кляштар / Ігар Трусаў // Биржа информации (Гродно). – 1999. – 11 февр. – С. 4.

Чантурыя, У. А. Гродзенскі касцёл і кляштар францысканцаў / У. А. Чантурыя, С. Г. Багласаў, Г. М. Ярмоленка // Архітэктура Беларусі : энцыкл. давед. – Мінск, 1993. – С. 178.

Чантурыя, У. А. Гродзенскі кляштар францысканцаў / У. А. Чантурыя, С. Г. Багласаў, Г. М. Ярмоленка // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. – Мінск, 1997. – Т. 5. – С. 434–435.

Шыдлоўскі, А. Касцёл Анельскай Божай Маці (Францішканскі) / Антон Шыдлоўскі // Слова Жыцця (Гродна). – 2010. – 31 кастр. – C.2.

Ярашэвіч, А. Гродзенскі кляштар францысканцаў / Аляксандр Ярашэвіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. – Мінск, 2003. – Т.6, кніга II. – С. 370.

wwe wwe wwe wwe wwe wwe wwe wwe wwe